СЛУ́ЦКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА Існавала ў 1756—60 пры Слуцкім тэатры Радзівіла. Засн. Г.​Ф.​Радзівілам для падрыхтоўкі артыстаў балетнай трупы. Да 1759 школай кіравалі А.​Пуціні і Л.​М.​Дзюпрэ. У школе вучылі 8—10-гадовых дзяцей слуцкіх мяшчан, а таксама дзяцей негрыцянскіх нявольнікаў князя. Сярод вядучых артыстаў радзівілаўскіх т-раў навучэнцы Дыклер, Жукоўскі, А.​Лойка, К.​Міхневіч, Ражавіч. У пач. 1758 пастаўлены першы балет «На тры пары», у якім выхаванцы выявілі высокія здольнасці. Дакладна рэпертуар слуцкага балета невядомы, але ёсць падставы меркаваць, што пастаўлены «Балет з Арлекінам», «Венгерскі балет», «Турэцкі балет», а таксама балеты, у якія ўваходзілі ням., швейцарскія і цірольскія танцы («стралкоў», «садоўнікаў», «чарцей», «трубачыстаў», «кветачніц», «сялянак»). У 1760 школа пераведзена ў г. Нясвіж.

Літ.:

Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра Мн., 1983. Т. 1.

т. 15, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)